КАНАЛІЗАВА́НЫЯ РЭ́КІ,
рэкі або іх участкі, рэчышчам якіх штучна нададзены выгляд каналаў. Рэчышчы буйных рэк часам каналізуюць, каб палепшыць умовы суднаходства. Асн. работы па каналізацыі праводзяцца на малых рэках і ручаях пры меліярацыі — іх паглыбляюць, спрошчваюць меандры (лукавіны), ліквідуюць плёсы і перакаты. Пры гэтым яны становяцца хуткаплыннымі, мелкімі, асабліва ў межань, сцёк вады з вадазбору паскараецца. Часта такія змены вядуць да разбурэння нерасцілішчаў, збяднення фауны, асабліва рыбных запасаў, рэкі страчваюць маляўнічасць і ландшафтную вартасць. На тэр. Беларусі работы па каналізаванні рэк пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. пры буд-ве Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага і Дняпроўска-Бугскага каналаў. У 1950—90-я г. на ўсім працягу каналізавана больш за 500 рэк, на асобных участках — больш за 1500 рэк. З пач. 1980-х г. каналізаванне рэк абмяжоўваецца. Праводзіцца экалагічны аналіз магчымых вынікаў.
т. 7, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)